Перайсьці да зьместу

Паўночнае мора

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Паўночнае мора

Мапа Паўночнага мора
МесцазнаходжаньнеЭўропа
Тып вадаёма Мора
Этымалёгія поўнач, захад і германцы
Асноўныя рэкі Эльба, Вэзэр, Эмс, Райн, Маас, Шэльда, Спэй, Дон, Дзі, Тэй, Тайн, Тэмза
Краіны вадазбору
Найб. працягласьць 960 км
Найб. шырыня 580 км
Плошча паверхні 570000 км²
Сяр. глыбіня 95 м
Найб. глыбіня 700 м
Аб’ём вады 54000 км³
Салонасьць 3,4–3,5 ‰
Вышыня над узроўнем мора 0 м
Найб. тэмпэратура 17 °C
Найм. тэмпэратура 6 °C
Населеныя пункты Ратэрдам, Лёндан, Антвэрпэн, Гамбург, Эдынбург, Бэрген, Осьлё

Паўно́чнае мо́ра — мора якое амывае Эўропу на поўначы, зьяўляецца часткай Атлянтычнага акіяна. Паўночнае мора знаходзіцца паміж берагамі Даніі, Швэцыі і Нарвэгіі на ўсходзе, Вялікабрытаніі на захадзе, і Нямеччыны, Бэльгіі, Нідэрляндаў і Францыі на поўдні. З Балтыйскім морам Паўночнае злучаецца пратокамі Катэгат, Сунд, Вялікі Бэлт і Малы Бэлт. Мора спрадвеку зьяўляецца месцам праляганьня важных эўрапейскіх марскіх шляхоў, а таксама месцам буйнога рыбнага промыслу. Мора зьяўляецца папулярным месцам адпачынку і турызму ў краінах, разьмешчаных ля яго, і ў апошні час ператварылася ў багатую крыніцу энэргетычных рэсурсаў, як то выкапнёвага паліва з дна мора, а таксама энэргіі ветру і хваляў.

На дне Паўночнага мора знаходзіцца кратэр Сылвэрпіт. Існуе гіпотэза, згодна зь якой ён утварыўся ў выніку падзеньня на Зямлю 65 млн гадоў таму фрагмэнта той самай камэты, галоўная частка якой утварыла кратэр Чыксулуб. Гэта катастрофа магла быць прычынай выміраньня дыназаўраў у крэйдавым пэрыядзе. Хвалі цунамі якія ўзьніклі пад час выбуху ў кратэры Сілвэрпіт, павінны былі затапіць усё ўзьбярэжжа Паўночнага мора.

Гістарычна склалася, што Паўночнае мора займае бачнае месца ў геапалітычных і вайсковых справах, асабліва ў Паўночнай Эўропе. Таксама мора мела важнае сусьветнае значэньне, бо паўночныя эўрапейцы вандравалі праз мора амаль па ўсім сьвеце на працягу большай часткі гісторыі Сярэднявечча і ў сучасную эпоху. Мора было цэнтрам уздыму вікінгаў, а пасьля іхнага зыходу, Ганзейскі зьвяз, Нідэрлянды і ангельцы імкнуліся дамінаваць у Паўночным моры, і, такім чынам, атрымаць доступ да рынкаў і рэсурсаў сьвету. Стратэгічна важнае месца мора займала і падчас абедзьвюх сусьветных войнаў.

Узьбярэжжа Паўночнага мора ўяўляе сабой разнастайнасьць геалягічных і геаграфічных асаблівасьцяў. На поўначы маюцца глыбокія ф’ёрды і стромыя скалы ля нарвэскага і шатляндзкага ўзьбярэжжаў, у той час як на поўдні берагавая лінія ў асноўным прадстаўляе зь сябе пясковыя пляжы. У сувязі з высокай шчыльнасьцю насельніцтва, цяжкай прамысловасьцю і інтэнсіўнага выкарыстаньня мора і вобласьці вакол яго маюцца шэраг экалягічных праблемаў, якія закранаюць экасыстэмы мора. Да шэрагу экалягічных праблемаў ставяцца празьмерны вылаў рыбы, прамысловы і сельскагаспадарчы сьцёк, працы па бурэньню марскога дна. У моры здабываюць газ, нафта, каменны вугаль, якімі багатае марское дно.

Палітычны статус

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Эксклюзіўныя эканамічныя зоны Паўночная мора, разьмеркаваныя паводле краінаў.

Краіны, якія мяжуюць з Паўночным морам, прэтэндуюць на 22 кілямэтры тэрытарыяльных водаў, у межах якіх яны маюць выключныя правы на рыбалоўства[1]. Агульная рыбалоўная палітыка Эўрапейскага Зьвязу існуе дзеля каардынацыі правоў на лоўлю рыбы і дапамогі ў разьвязаньні спрэчак паміж дзяржавамі ЭЗ і памежнай да ЭЗ дзяржавы Нарвэгіі[2].

Па адкрыцьці мінэральных рэсурсаў у Паўночным моры ў пачатку 1960-х гадоў Канвэнцыя аб кантынэнтальным шэльфе ўсталявала правы краін, перадусім падзеленыя ўздоўж сярэдняй лініі. Сярэдняя лінія вызначаецца як лінія, кожны пункт якой месьціцца на роўнай адлегласьці ад бліжэйшых кропак базавых лініяў, ад якіх вымяраецца шырыня тэрытарыяльнага мора кожнай дзяржавы[3]. Мяжа паводле акіянічнага дна паміж Нямеччынай, Нідэрляндамі і Даніяй была пераразьмеркаваная толькі ў 1969 годзе пасьля працяглых перамоваў і пастановы Міжнароднага Суда[1][4].

Яшчэ ў 1859 годзе нафта была знойдзеная ў прыбярэжных раёнах вакол Паўночнага мора, а прыродны газ быў выяўлены ў 1910 годзе[5]. Наземныя рэсурсы, напрыклад, радовішча K12-B у Нідэрляндах, працягваюць распрацоўвацца і сёньня.

Сьвідраваньне на беразе мора пачалося ў 1966 годзе, а затым, у 1969 годзе, кампанія Phillips Petroleum знайшла нафтавае радовішча Экафіск[6], якое вылучалася каштоўнай нафтай зь нізкім утрыманьнем серкі[7]. Прамысловая эксплюатацыя пачалася ў 1971 годзе, спачатку транспартуючы нафту танкерамі. Пасьля 1975 году гэта рабілася трубаправодам. Спачатку нафта накіроўвалася ў ангельскі Тыссайд, а затым, пасьля 1977 году, таксама ў нямецкі Эмдэн[8].

Нафтаздабыўная плятформа Статф’ёрд у Паўночным моры.

Эксплюатацыя пакладаў нафты ў Паўночным моры пачалася беспасярэдне перад нафтавым крызісам 1973 году, а рост міжнародных цэнаў на нафту прыцягнуў у праекты на моры буйныя інвэстыцыі, неабходныя для здабычы, зрабіўшы распрацоўку тут больш прывабнай[9]. Пачатак здабычы нафты ў Вялікабрытаніі ў 1973 годзе дазволіў ёй спыніць зьніжэньне пазыцыяў у міжнародным гандлі ў 1974 годзе, а велізарны рост адбыўся па выяўленьні і пачатку эксплюатацыі велізарнага нафтавага радовішча групай Phillips у 1977 годзе. Не зважаючы на адносна высокія выдаткі на здабычу, якасьць нафты, палітычная стабільнасьць рэгіёну і блізкасьць важных рынкаў у Заходняй Эўропе зрабілі Паўночнае мора важным рэгіёнам у здабычы нафты[7]. Найбуйнейшай гуманітарнай катастрофай у нафтавай прамысловасьці Паўночнага мора сталася руйнаваньне марской нафтавай платформы Пайпэр-Альфа ў 1988 годзе, у выніку чаго загінулі 167 чалавек[10].

Акрамя нафтавага радовішча Экафіск, варта адзначыць і нафтавае радовішча Статф’ёрд, бо яно стала прычынай будаўніцтва першага трубаправода праз Нарвэскі жолаб[11]. Найбуйнейшае радовішча прыроднага газу ў Паўночным моры, газавае радовішча Троль, месьціцца ў згаданым жолабу, апускаючыся больш чым на 300 мэтраў, што патрабуе будаўніцтва велізарнай платформы Троль-А для доступу да яе.

Кошт нафты маркі Брэнт, аднаго зь першых відаў нафты, здабытай у Паўночным моры, сёньня выкарыстоўваецца ў якасьці стандартнай цаны дзеля параўнаньня з сырой нафтай з астатняга сьвету[12]. Паўночнае мора зьмяшчае найбуйнейшыя ў Заходняй Эўропе запасы нафты і прыроднага газу ды ёсьць адным з ключавых рэгіёнаў сьвету, дзе вялікія нафтавыя рэсурсы належаць краінам па-за ОПЭК[13]. У брытанскім сэктары Паўночнага мора нафтавая прамысловасьць інвэставала 14,4 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў у 2013 годзе і была на шляху да выдаткаў 13 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў у 2014 годзе. Галіновая арганізацыя Oil & Gas UK растлумачыла спад ростам выдаткаў, зьніжэньнем здабычы, высокімі падаткамі і меншай колькасьцю выведных работ[14]. У студзені 2018 году ў рэгіёне мора працавала 184 марскія сьвідравыя ўстаноўкі, што зрабіла яго рэгіёнам з найбольшай колькасьцю марскіх сьвідравых установак у сьвеце на той момант[15]. Здабыча нафты і газу ў брытанскім Паўночным моры, пік якой дасягнуў у 2000 годзе, скарацілася да 2024 году, у той час як праекты па разьвіцьці марской ветраэнэргетыкі толькі павялічыліся[16].

Рыбалоўны промысел

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Траўлер ля берагоў Нямеччыны.

Паўночнае мора ёсьць цэнтрам рыбалоўнага промыслу Эўропы, на які прыпадае больш за 5% міжнароднага камэрцыйнага ўлову рыбы. Галоўным чынам рыбалоўства ў Паўночным моры сканцэнтраванае ў паўднёвай частцы прыбярэжных водаў. Асноўным мэтадам ёсьць траленьне[17]. У 1995 годзе агульны аб’ём рыбы і малюскаў, здабытых з Паўночнага мора, склаў блізу 3,5 мільёнаў тон[18]. Акрамя таварнай рыбы, паводле ацэнак, штогод вылоўліваецца і выкідваецца мільён тон непрыдатнага для продажу ўлову[19].

У апошнія дзесяцігодзьдзі празьмерны ўлоў рыбы зрабіў многія рыбалоўныя гаспадаркі непрадуктыўнымі, парушаючы дынаміку харчовых ланцугоў мора і ставячы пад пагрозу працоўныя месцы ў рыбнай прамысловасьці[20]. Улоў селядца, траскі і камбалы можа неўзабаве сутыкнуцца з такім жа цяжкім становішчам, як і лоўля скумбрыі, якая спынілася ў 1970-х гадах праз празьмерны промысел гэтай рыбы[21]. Мэта Агульнай рыбалоўнай палітыкі Эўрапейскага Зьвязу ёсьць мінімізаваньне ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, павязанае з выкарыстаньнем рэсурсаў, шляхам скарачэньня выкідаў рыбы, павышэньня прадукцыйнасьці рыбалоўства, стабілізацыі рынкаў вылаву і перапрацоўкі рыбы, а таксама дастаўка рыбы з адпаведным коштам да спажыўцоў[22].

  1. 1 2 Barry, M., Michael; Elema, Ina; van der Molen, Paul Governing the North Sea in the Netherlands: Administering marine spaces: international issues. — International Federation of Surveyors (FIG), 2006. — С. 5–17, Ch. 5. — ISBN 978-87-90907-55-6
  2. About the Common Fisheries Policy. — European Commission.
  3. Text of the UN treaty Архіўная копія ад 17.10.2013 г.
  4. North Sea Continental Shelf Cases. — International Court of Justice.
  5.  Glennie, K. W. Petroleum Geology of the North Sea: Basic Concepts and Recent Advances. — Blackwell Publishing, 1998. — С. 11–12. — ISBN 978-0-632-03845-9
  6.  Pratt, J. A. Offshore Pioneers: Brown & Root and the History of Offshore Oil and Gas. — Gulf Professional Publishing, 1997. — ISBN 978-0-88415-138-8
  7. 1 2  Lohne, Øystein The Oil Industry and Government Strategy in the North Sea. — Taylor & Francis, 1980. — ISBN 978-0-918714-02-2
  8. TOTAL E&P NORGE AS – The history of Fina Exploration 1965–2000. About TOTAL E&P NORGE > History > Fina. Архіўная копія ад 07.10.2006 г.
  9.  McKetta, John J. Encyclopedia of Chemical Processing and Design: Volume 67 – Water and Wastewater Treatment: Protective Coating Systems to Zeolite. — CRC Press, 1999. — ISBN 978-0-8247-2618-8
  10. On This Day 6 July 1988: Piper Alpha oil rig ablaze // BBC, 06.07.1988 г. Архіўная копія ад 03.09.2012 г.
  11. Statpipe Rich Gas. Gassco. Архіўная копія ад 14.06.2012 г.
  12. North Sea Brent Crude. Investopedia ULC. Архіўная копія ад 26.10.2008 г.
  13. North Sea. Energy Information Administration (EIA) (01.2007). Архіўная копія ад 09.03.2009 г.
  14. Shell to cut 250 onshore jobs at its Scotland North Sea operations // Yahoo Finance, 12.08.2014 г. Архіўная копія ад 14.07.2015 г.
  15. Number offshore rigs worldwide by region 2018. Statista. Архіўная копія ад 09.07.2018 г.
  16. The fall of UK North Sea oil and rise of offshore wind // Reuters, 03.01.2024 г.
  17.  Sherman, Kenneth Large Marine Ecosystems: Stress, Mitigation, and Sustainability. — Blackwell Publishing, 1993. — С. 252–258. — ISBN 978-0-87168-506-3
  18. MUMM – Fishing. Royal Belgian Institute of Natural Sciences (2008). Архіўная копія ад 02.12.2008 г.
  19. One Million Tons of North Sea Fish Discarded Every Year. Environment News Service (ENS). Архіўная копія ад 09.11.2008 г.
  20.  Clover, Charles The End of the Line: How overfishing is changing the world and what we eat. — London: Ebury Press, 2004. — ISBN 978-0-09-189780-2
  21. North Sea Fish Crisis – Our Shrinking Future. Greenpeace. Архіўная копія ад 04.07.2007 г.
  22.  Olivert-Amado, Ana The common fisheries policy: origins and development. — European Parliament Fact Sheets.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]