Перайсці да зместу

Святая інквізіцыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Інквізіцыя)
Аўтадафэ (1475).

Святая інквізіцыя — агульная назва шэрагу ўстаноў Рымска-каталіцкай царквы для барацьбы з ерассю.

Паходжанне тэрміна

[правіць | правіць зыходнік]

Тэрмін «інквізіцыя» паходзіць ад лац.: inquisitio, што азначае «даследаванне». Тэрмін быў шырока распаўсюджаны ў прававой сферы яшчэ да ўзнікнення сярэднявечных царкоўных устаноў з такой назвай, і азначаў высвятленне акалічнасцяў справы, расследаванне, звычайна шляхам допытаў, часта з ужываннем сілы. З часам пад інквізіцыяй сталі разумець духоўныя суды над антыхрысціянскімі ерасямі.

Гісторыя стварэння

[правіць | правіць зыходнік]

Ранняе хрысціянства і хрысціянская царква пакутавала як ад вонкавага ворага — рымскіх імператараў, так і ад унутраных разладаў, выкліканых тэалагічнымі рознагалоссямі: рознымі тлумачэннямі святых тэкстаў, прызнаннем або непрызнаннем асобных тэкстаў святымі і гэтак далей.

Адлюстраваннем адной са стадый унутранага дужання быў, мабыць, «Іерусалімскі сабор», згаданы ў раздзеле 15 Дзей святых апосталаў, а таксама мноства выпадкаў, калі апостал Павел абараняў уласнае апостальскае служэнне, пераконваў хрысціян асцерагацца ілжывых пастыраў або чаго-небудзь супярэчнага таму, што прапаведаваў ён. Аналагічныя заклікі ўтрымоўваюцца ў пасланнях Іаана і ў Пасланні да Іўдзеяў, а таксама ў Адкрыцці Яна Багаслова.

Пачынаючы з II ст. хрысціянскія аўтарытэты (біскупы і мясцовыя сіноды), карыстаючыся вышэйпрыведзенымі крыніцамі, выкрывалі некаторых багасловаў як ератыкоў і вызначалі дактрыну хрысціянства больш ясна, імкнучыся пазбегнуць памылак і розначытанняў. У сувязі з гэтым праваслаўю сталі супрацьпастаўляць ерась.

Адмысловы царкоўны суд каталіцкай царквы пад назвай «Інквізіцыя» быў створаны ў 1215 годзе папай Інакенціем III. У 1908 годзе пераназваная ў «Кангрэгацыю па справах веравучэння» (Sacra congregatio Romanae et universalis Inquisitionis seu Sancti Officii). Праца гэтай установы будавалася ў строгай адпаведнасці з дзейсным тады ў каталіцкіх краінах заканадаўствам.

Іспанскі інквізітар пад час катавання мужчыны

Асноўнай задачай інквізіцыі было вызначыць, ці з’яўляецца абвінавачваны вінаватым у ерасі.

З канца XV ст., калі ў Еўропе пачынаюць распаўсюджвацца паданні аб масавай прысутнасці людзей, якія заключылі дамову з нячыстай сілай (ведзьмаў), сярод звычайнага насельніцтва, у яе кампетэнцыю пачынаюць уваходзіць працэсы аб ведзьмах.

У той жа час пераважны лік прысудаў аб ведзьмах вынеслі свецкія суды каталіцкіх і пратэстанцкіх краін у XVI і XVII ст..

Хоць інквізіцыя сапраўды пераследавала ведзьмаў, гэтак жа паступаў і практычна любы свецкі ўрад. Да канца XVI стагоддзя рымскія інквізітары пачалі выяўляць сур’ёзныя сумневы ў большасці выпадкаў абвінавачвання ў ведаўстве.

Таксама ў кампетэнцыю інквізіцыі з 1451 года Папа Мікалай V перадаў справы аб яўрэйскіх пагромах. Інквізіцыя павінна была не толькі караць пагромшчыкаў, але і дзейнічаць прэвентыўна, папярэджваючы гвалт.

Пазасудовых распраў інквізіцыя не дапускала. Акрамя звычайных допытаў, ужывалася, як і ў свецкіх судах таго часу, катаванне падазраванага. Разам з тым, катаванні лічыліся неэфектыўным сродкам следства і таму ўжываліся інквізіцыяй радзей, чым свецкімі трыбуналамі (толькі прыблізна ў 10 % выпадкаў)[крыніца?]. Юрысты каталіцкай царквы велізарнае значэнне надавалі чыстасардэчнаму прызнанню. У тым выпадку, калі падазраваны не паміраў падчас следства, а прызнаваўся ў зробленым і раскайваўся, то матэрыялы справы перадаваліся ў суд.

Асноўныя гістарычныя этапы

[правіць | правіць зыходнік]

Храналагічна гісторыю інквізіцыі можна падзяліць на тры этапы: 1. дадамініканскі (пераслед ератыкоў да XII ст.); 2. дамініканскі (з часу Тулузскага сабора 1229 г.); 3. іспанская інквізіцыя. У першы перыяд суд над ератыкамі складаў частку функцый біскупскай улады, а пераслед іх меў часовы і выпадковы характар. У другі перыяд ствараюцца сталыя інквізіцыйныя трыбуналы, змешчаныя ў адмысловым вядзенні дамініканскіх манахаў. У трэці перыяд інквізіцыйная сістэма цесна звязваецца з інтарэсамі манархічнай цэнтралізацыі ў Іспаніі і прэтэнзіямі яе манархаў на палітычную і рэлігійную супрэматыю ў Еўропе. Спачатку яна служыла сродкам барацьбы супраць маўраў і яўрэяў, а потым, разам з Езуіцкім ордэнам, стала баявою сілаю каталіцкай рэакцыі XVI ст. супраць пратэстантызму.

Асноўныя гістарычныя даты

[правіць | правіць зыходнік]

У 1184 годзе Папа Луцый III і імператар Фрыдрых I Барбароса ўсталявалі строгі парадак вышуку біскупамі ератыкоў, расследавання іх спраў біскупскімі судамі; свецкія жа ўлады абавязваліся прыводзіць у выкананне вынесеныя імі смяротныя прысуды.

У перыяд з 1231 па 1235 год Папа Рыгор перадаў функцыі па пераследзе ерасяў, якія раней выконваліся біскупамі, адмысловым упаўнаважаным — інквізітарам, што першапачаткова прызначаліся з ліку дамініканцаў, а затым і францысканцаў.

У 1481 годзе ўступіў на пасаду першы Вялікі Інквізітар Іспаніі Томас Тарквемада.

У 1498 годзе памёр Тарквемада. У яго кіраванне, па самай сціплай ацэнцы Х. А. Льарэнтэ, «інквізіцыя… забіла 8800 чалавек жыўцом у полымі вогнішчаў».

У 1542 годзе Папа Рымскі Павел III заснаваў Святую Рымскую і Сусветную Інквізіцыю.

У 1587 годзе, з рэформай Папы Сікста V, была заснаваная Вярхоўная Святая Кангрэгацыя Рымскай і Сусветнай Інквізіцыі. У такім нязменным выглядзе яна праіснавала да 1908 года.

У 1600 у Рыме спалены Джардана Бруна.

У 1633 у Рыме Галілеа Галілей адрокся ад вучэння Каперніка.

У 1820 была скасавана інквізіцыя ў Партугаліі.

У 1834 была скасавана інквізіцыя ў Іспаніі.

У 1908 годзе Папа Пій X пераназваў гэтае ведамства ў Святую Кангрэгацыю Святой Канцылярыі. Святая Канцылярыя праіснавала да 1967 года, калі Папа Павел VI пераназваў Святую Канцылярыю ў Святую кангрэгацыю Дактрыны Веры, існую і дагэтуль.

У 1992 Папа Ян Павел II рэабілітаваў Галілея і афіцыйна прызнаў, што інквізіцыя здзейсніла памылку, сілай вымусіўшы вучонага адрачыся ад тэорыі Каперніка.