Жыліцкая сядзіба
| Палацава-паркавы комплекс | |
| Палацава-паркавы комплекс Булгакаў | |
|---|---|
| | |
| 53°09′20,76″ пн. ш. 29°41′21,4″ у. д.HGЯO | |
| Краіна |
|
| Аграгарадок | Жылічы, Кіраўскі раён, Магілёўская вобласць |
| Архітэктурны стыль | Класіцызм |
| Архітэктар | Клабукоўскі, К. Падчашынскі |
| Заснавальнік | І. Булгак |
| Дата пабудовы | 1830-я |
| Будынкі | |
| палац • гаспадарчыя пабудовы • парк | |
| Статус |
|
| Стан | Дзейны музей, рэстаўруецца |
Жыліцкая сядзіба — палацава-паркавы комплекс Булгакаў, помнік архітэктуры позняга класіцызму ў Жылічах паблізу Добасны ў Кіраўскім раёне. Сфармаваны ў XVIII—XIX стагоддзях. Гісторыка-культурная каштоўнасць міжнароднага значэння[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]


Рэзідэнцыя заможнага шляхціча, бабруйскага павятовага маршалка Ігнацыя Булгака (1798—1848), пабудавана ў 1830-я гады на яго заказ[2] па праекце архітэктара Караля Падчашынскага на беразе Добасны[1].
Палац будаваўся ў два прыёмы, спачатку ўзведзены галоўны П-падобны корпус, а ў 1864—1876 гадах прыбудавана доўгае двухпавярховае крыло з палацавай царквой і дадатковымі жылымі памяшканнямі[2]. Такое архітэктурнае рашэнне ўтварыла паўадкрыты ўнутраны двор[2]. Паводле некаторых звестак, заходняя частка палаца дабудавана ў 1914 годзе[1].
Першымі работамі з 1825 года кіраваў навучэнец Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў Клабукоўскі[3].
У 1848 годзе пасля смерці Ігната Булгака маёнтак перайшоў яго малодшаму сыну Эдгару. Пры палац дабудаваны — два аднапавярховыя флангі з царквой, аранжарэяй[2] і службовымі памяшканнямі. Будаўніцтвам, імаверна, кіраваў Караль Падчашынскі[3][4].
Апошні ўладальнік маёнтка, пляменнік Эдгара — Эмануэль Булгак, памёр у міжваенны час у Польшчы.
Пасля кастрычніцкага перавароту і нацыяналізацыі маёмасці ў 1920 годзе ў палацы размяшчаўся дзіцячы дом. Калекцыя жывапісу Булгакаў была часткова перададзена ў гісторыка-мастацкі музей. Падчас Першай або Другой сусветнай вайны значная частка сямейнага архіва і карцін, верагодна, была вывезена ў Арол у Расіі. На сённяшні дзень у Арлоўскім музеі выяўленчых мастацтваў знаходзяцца чатыры партрэты прадстаўнікоў роду Булгакаў, у тым ліку творы Яна Дамеля[5].
У 1930-я гады ў будынку размясціўся заатэхнічны тэхнікум. Падчас Другой сусветнай вайны разабрана паўднёвае крыло палаца, у якім размяшчалася ўнікальная аранжарэя[4]. Палац ператварылі ў нямецкі шпіталь, а ў парку хавалі памерлых салдат[6].
Пасля 2-й сусветнай вайны ў палацы размяшчалася Бабруйская трохгадовая агранамічная школа. Пасля будаўніцтва для школы новага памяшкання, палац пачаў занепадаць. На першым паверсе засталася бухгалтэрыя з аддзелам кадраў[1]. У 1973 годзе архітэктар Я. Курто распрацаваў праект рэстаўрацыі, які пазней рэалізаваны[7]. Станам на 2024 год тут размешчаны краязнаўчы музей і музычная школа, арганізаваныя ў 1996 годзе[1].
Да цяперашняга часу захаваліся палац, флігель, свіран і іншыя гаспадарчыя пабудовы, парк. Гаспадарчыя пабудовы часткова выкарыстоўваліся адпаведна прызначэнню, астатнія разбураліся[1].
Рэстаўрацыя комплексу была распачата ў 2009 годзе, планавалася завяршыць яе да 2015 года. У палацы мусяць размесціцца музейная экспазіцыя, міні-гасцініца і сельская бібліятэка[8].
Паводле пастановы Савета Міністраў ад 3 чэрвеня 2016 года № 437 Палацава-паркавы комплекс быў уключаны ў лік 27 аб’ектаў, капітальныя выдаткі на захаванне якіх могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту[9].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]
Рэзідэнцыя — даволі вялікі добра спланаваны палацава-паркавы ансамбль. Акрамя палаца з паркам, у склад уваходзілі вялікія пладовыя сады, агароды, вадаёмы з рыбнай гаспадаркай. Таксама быў вялікі гаспадарчы двор, вадзяны млын, вінакурня, крухмальны і цукровы заводы[1].
Палац
[правіць | правіць зыходнік]
Палац — у плане прамавугольнік з калонным порцікам на галоўным фасадзе і прамавугольным рызалітам на паркавым фасадзе. Галоўны корпус вылучаны ў цэнтры шасцікалонным порцікам карынфскага ордара[2] з франтонам, дэкараваным ляпным гербам[3], і бельведэрам над лесвічнай клеткай. Тарцы галоўнага корпуса аформлены ідэнтычнымі чатырохкалоннымі порцікамі. Па перыметры будынка праходзіць развіты карніз з фрызам, упрыгожаным ляпнымі гірляндамі і разеткамі[1].
Галоўны фасад бакавога корпуса прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі і ўпрыгожаны каланадай. Цэнтр вылучаны двухпавярховым аб’ёмам дамавой капліцы. Планіроўка змешаная, калідорна-анфіладная[1][2].
Інтэр’ер
[правіць | правіць зыходнік]
Распрацоўку ўнутраных памяшканняў прыпісваюць таксама Клабукоўскаму[3]. Унутранае аздабленне насычана[2] ляпнінай, дробнай скульптурнай пластыкай, роспісамі, пазалотай, люстэркамі, дэкаратыўнай абіўкай. У дэкоры выкарыстаны ампірныя элементы: буйныя фрызы, панэлі з барэльефнымі антычнымі сцэнамі[1]. Кожны са 100 пакояў[3] дэкарыраваны індывідуальна. На другім паверсе паўднёвага крыла галоўнага корпуса вылучаецца прамавугольная ў плане парадная зала, расчлянёная калонамі на 3 часткі. Зала дэкарыравана шырокім шматфігурным барэльефным фрызам з сюжэтамі на тэмы палявання, бою, ахвярапрынашэння. Калоны і пілястры маюць пазалочаныя капітэлі. Асноўны пластычны эфект стварае кесаніраваная столь з багата арнаментаванай ляпнінай. Падлога паркетная, печкі абліцаваны кафляй[1].
Тадэвуш Раствароўскі па заказе гаспадароў сядзібы аздобіў плафоны залаў палаца сцэнамі з антычнымі міфалагічнымі сюжэтамі.
Парк
[правіць | правіць зыходнік]Палац з’яўляецца цэнтрам кампазіцыі ансамбля, замкнутага ў выцягнуты з усходу на захад[4] прамавугольнік алеямі рэгулярнага парку. Плошча парку складае 18 га[2], а ўсяго комплексу з вадаёмамі, пладовымі садамі, падсобнымі збудаваннямі — каля 100 га. Раўнінную частку парку перасякае рака Добасна з маляўнічымі сажалкамі і астравамі. Захаваліся руіны павільёна-купальні, альтанак, мосцікаў. Перад галоўным фасадам палаца парк мае рэгулярны характар і партэрнае азеляненне, астатняя частка — пейзажны характар.
Стварэнне садова-паркавага комплексу пачалося адначасова з будаўніцтвам палаца ў 1825—1826 гадах і было сумесным праектам Ігнація Булгака і яго цесця Іосіфа Слізня. Да 1830 года ўжо былі закладзены парк, фруктовыя сады і аранжарэя, а алеі з ліп, бяроз, таполяў, грабаў і елак абаранялі пладовыя сады ад паўночных вятроў. Жонка Ігнація, Ізабела, якая атрымала добрую адукацыю ў родавым маёнтку Мсціж і разбіралася ў садова-паркавым мастацтве, брала актыўны ўдзел у кіраванні і падборы раслін. Яна кантралявала работу нанятых замежных садаводаў (Бланка, пазней Гебхарта з Рыгі і Карася), выпісвала з Мсціжа ружы, нарцысы, цюльпаны і кусты агрэста. Увосень 1831 года была завершана аранжарэя, у якую адразу пачалі высаджваць экзатычныя расліны, у тым ліку лімонныя і памяранцавыя дрэўцы. Увесну 1832 года Ігнацій Булгак асабіста прывёз з Рыгі вялікую колькасць кветкавага насення для афармлення клумбаў параднага двара (курданёра)[10].
Сёння парк з'яўляецца важным элементам гістарычнага ландшафту, і ў ім дагэтуль захаваліся экзатычныя насаджэнні, у тым ліку хвоя веймутава (Pinus strobus), Acer saccharinum, Juglans cinerea, Tilia ×europaea і іншыя[1][3].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 349-350. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
- 1 2 3 4 5 6 Жыліцкая сядзіба на сайце Radzima.org
- 1 2 3 Палацавая і сядзібна-паркавая архітэктура. Дваранскае памесце Жылічы(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 снежня 2015. Праверана 7 студзеня 2013.
- ↑ Нарижная 2020, с. 204.
- ↑ Дворец Булгака Архівавана 23 сакавіка 2008.
- ↑ Мастацтва (архітэктура, жывапіс, скульптура, графіка) ў Кіраўскім раёне(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 снежня 2015. Праверана 7 студзеня 2013.
- ↑ Первая очередь реставрации Жиличского дворцово-паркового ансамбля открыта в Кировском районе
- ↑ Постановление Совета Министров от 03.06.2016 № 437 О некоторых вопросах обеспечения сохранности историко-культурных ценностей Архівавана 24 лютага 2020.
- ↑ Нарижная 2020, с. 195—199.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- Нарижная Е., Кулакевич В. Предметы магнатских коллекций и проблемы их совместного использования в Союзном государстве Беларуси и России // Лёс фамільных скарбаў магнацкіх родаў Беларусі: матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. — 2020. — С. 193—212.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. — 352 s.
- Федорук Анатолий Тарасович. «Садово-парковое искусство Белоруссии». Минск, «Ураджай», 1989 г. 247 страниц. ISBN 5-7860-0086-9.
- Памяць: гісторыка-дакумент. хроніка Кіраўскага раёна.-Мн.: Выш. шк., 1997.-С. 108—115.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Жыліцкая сядзіба- «Жиличский Версаль» — інтэрнэт-праект Магілёўскай абласной бібліятэкі аб палацава-паркавым ансамблі Булгакаў.
- Жыліцкая сядзіба на сайце Radzima.org
- Жыліцкая сядзіба на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Жыліцкая сядзіба на сайце «Архіварта»
